Мэтай Кіраўніка дзяржавы павінны быць дабрабыт народа і стабільнасць у краіне

Аляксандр Лукашэнка 19 снежня прыняў удзел у галасаванні ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарчым участку №1 Цэнтральнага раёна Мінска. На выбарчым участку прысутнічала больш за 20 наглядальнікаў, у тым ліку міжнародных: з Вялікабрытаніі, Даніі, Германіі, Італіі, Расіі, Азербайджана. У час размовы з міжнароднымі наглядальнікамі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не мае намеру любымі спосабамі дабівацца міжнароднага прызнання прэзідэнцкіх выбараў. "Мы не збіраемся ні да якога міжнароднага прызнання паўзці на карачках. Не трэба нам пастаянна ставіць умовы, мы самі разбяромся, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы вельмі добра адчуваем сябе ў міжнароднай супольнасці".

Што ж датычыцца апазіцыі, то, на думку Прэзідэнта, сваімі непрадуманымі дзеяннямі яна працавала на карысць дзеючай улады. "Калі шчыра казаць, то на мой бок папрацавала і апазіцыя. Вялікі, вялікі ім дзякуй за іх бесталковыя выступленні, за бесталковую агітацыю, якую яны правялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама пацвердзіў намер развіваць партнёрскія адносіны з Захадам, але на раўнапраўнай аснове. "Калі там дзверы за­крыты, значыць, мы ідзём туды, дзе яны адкрыты", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў неабходнасць пашырэння супрацоўніцтва са скандынаўскімі краінамі: "Мы самі там недапрацоўваем, абавязкова гэты вектар будзе ўзмоцнены, таму што там падобныя на Беларусь краіны". Кіраўнік дзяржавы па­глядзеў, як арганізаваны выбарчы працэс на ўчастку, пагутарыў з людзьмі, якія прыйшлі аддаць свае галасы за кандыдатаў.

Ход выбараў на ўчастку №1 асвятлялі амаль 100 журналістаў, якія прадстаўляюць каля 40 СМІ як айчынных, так і замежных. Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні, якія іх цікавяць. Каменціруючы заявы аб тым, што дзеючаму Прэзідэнту СМІ і тэлебачанне, у прыватнасці, надаюць увагі больш, чым іншым кандыдатам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі яны будуць дзеючымі прэзідэнтамі, іх тэлебачанне будзе асвятляць столькі, колькі мяне, а, можа, і больш". Беларускі лідар адзначыў, што паколькі з'яўляецца Кіраўніком дзяржавы, ад яго слова ў краіне многае залежыць, а тое, што яго дзейнасць асвятляецца па тэлебачанні – гэта справаздача і празрыстасць дзеянняў. "Што людзі падумалі б, калі б хоць тыдзень не бачылі Прэзідэнта?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца іншых кандыдатаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсім ім была прадастаўлена магчымасць выступіць на тэлебачанні. Пытанні журналістаў датычыліся і тэмы знешняй палітыкі. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што пасля выбараў у Беларусі будуць цудоўныя адносіны з Расіяй і як мінімум добрыя - з ЗША. Адказваючы на пытанне, ці вернецца ў Беларусь пасол ЗША, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта залежыць ад самога пасла. "Гэта яго права: хоча вяртацца - няхай вяртаецца, не хоча - няхай знаходзіцца ў Вашынгтоне, можа, яму там больш зручна працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца адносін Беларусі з ЕС, то Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны будуць настолькі добрымі, наколькі гэтага жадае Еўрасаюз. "На тэму, што мы жадаем Еўрапейскаму саюзу і якімі хочам бачыць адносіны з ім, ужо сказана не аднойчы. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі гэтага жадае ЕС. Жадаеце вы мець з намі добрыя адносіны - калі ласка, будзем гатовы з вамі супрацоўнічаць. Калі вы не пажадаеце, як і ў папярэднія гады, - мы вас прымусіць не можам".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Еўрапейскага саюза ёсць свае праблемы. "Праблем вы бачыце там больш, чым у нас. Напэўна, вы гэта заўважылі. Калі прыехалі ў Беларусь з-за мяжы, усё ўбачылі, усё ўзважылі. Там праблем не менш, - сказаў Прэзідэнт. - Калі пасля ўсяго гэтага Еўрапейскі саюз не гатовы з намі супрацоўнічаць, мы пачакаем". Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне латвійскага журналіста, адзначыў, што Беларусь гатова больш актыўна супрацоўнічаць з Латвіяй у энергетычнай сферы. На думку Прэзідэнта, тэма энергетычнай бяспекі з'яўляецца найбольш важным пытаннем двухбаковага парадку дня. "Гэта і для вас, і для нас важна", - падкрэсліў ён. "Калі вы пагодзіцеся з тым, што мы прапануем, то, забяспечваючы сваю энергабяспеку, дыверсіфікуючы пастаўкі энерганосьбітаў, мы ў "прычэп" прыхопім і Латвію. Для нас гэта будзе нескладана - забяспечваючы сябе, забяспечым і вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта вашаму кіраўніцтву сказана, і ўжо даўно. Чакаем ад вас адказу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў датычылася дыялога з прадстаўнікамі апазіцыі. Прэзідэнт адзначыў, што гатовы супрацоўнічаць з усімі, хто выступае за стабільнасць і бя­спеку ў Беларусі.

"Я з бандытамі і дыверсантамі ніякіх дыялогаў не вяду, а з нармальнай апазіцыяй, - сказаў Прэзідэнт. - Павінен прызнацца, што сярод альтэрнатыўных кандыдатаў ёсць нямнога нармальных людзей, разумных, са сваёй пазіцыяй і пунктам гледжання.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я гатовы супрацоўнічаць з кім хочаце, з апазіцыяй, не апазіцыяй - з людзьмі, якія хочуць жыць у сваёй краіне і забяспечваць яе незалежнасць, каб наша краіна была спакойнай і прыгожай, як гэтага хачу я". Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што важна, каб замежныя госці прыязджалі ў нашу краіну, супрацоўнічалі з намі і маглі тут спакойна адпачываць, падарожнічаць. "Мэта адна - дабрабыт народа і стабільнасць у дзяржаве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Можаце гэту "кальку" накласці на ўсе заявы альтэрнатыўных кандыдатаў і ўбачыце, з кім я буду размаўляць, а з кім - не". Ён таксама падкрэсліў: "У нас цудоўны народ". "Калі цяжка - еду да людзей. Менавіта ў гушчы народа наспяваюць многія складаныя рашэнні", - дадаў Прэзідэнт.

"Калі нехта лічыць, што выбарамі ўсё заканчваецца, то проста дрэнна разбіраецца ў палітыцы і нічога не разумее ў жыцці дзяржавы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пасля выбараў работа ў Прэзідэнта толькі пачынаецца".

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *